У 1776 г. адбылася яшчэ адна
падзея ў развіцці перыядычнага друку на Беларусі: пачала друкавацца "Gazeta Grodzieńska"
("Газета Гродзенская") на польскай мове. Ініцыятары заснавання
"Газеты Гродзенскай" звярнуліся за матэрыяльнай дапамогай да
польскага караля, набылі абсталяванне для друкарні ў Вільні, дзе друкаваўся
"Кур'ер Віленскі", а ў Паставах наладзілі завод для вытворчасці
паперы. "Газета Гродзенская",
як і ўсе выданні таго часу, была невялікай, падобнай на лістоўку, друкавалася
малым тыражом (да 300 экз.) і выходзіла адзін раз на тыдзень. Аднак яе
рэдактар і выдавец А.Сабалеўскі надаваў вялікае значэнне важнасці
распаўсюджання інфармацыі, меў вопыт гэтай працы і таму імкнуўся ператварыць
сваю газету ў грамадска-палітычнае выданне. "Газета Гродзенская"
друкавала як мясцовую інфармацыю, – беларускую, польскую, расійскую, так і
замежную. Цікава, што ідэйна-палітычны змест выдання вельмі хутка наблізіўся да
крытычных ацэнак палітыкі Польшчы і Расіі ў адносінах да Беларусі. Аналіз
гэтага працэсу і праўдзівае яго адлюстраванне выклікалі незадаволенасць каралеўскай улады, якая разлічвала,
што "Газета Гродзенская" будзе прапагандыстам польскай палітыкі. Была
ўведзена цэнзура матэрыялаў, а потым часова спынена і выданне газеты .
"Газета Гродзенская" перастала выходзіць у 1783 г. Рэдакцыя распачала
працэс аналізу як польскай, так і расійскай экспансіянісцкай палітыкі на
тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. "Газета Гродзенская" па тыпу была
адным з першых афіцыйных мясцовых выданняў, намнога апярэдзіўшы "…Губернские
ведомости".
У 1792 г.
(лістапад-снежань) у Гродне друкавалася газета "Wiаdomosci
Grodzieńskie" ("Гродзенскія ведамасці"), якая выходзіла два разы
на тыдзень і змяшчала мясцовыя афіцыйныя паведамленні. Да кожнага нумара быў
абавязковы дадатак, што павялічвала аб`ём інфармацыі. Аднак газета выходзіла
нядоўга, і яе можна лічыць своеасаблівым этапам у паступовым развіцці сістэмы
перыядычнага друку на Беларусі. У Віленскім універсітэце ў 1805 г. пачаў
друкавацца "Dziennik Wileński" ("Віленскі дзённік") – штомесячны
навукова-літаратурны часопіс. Гэта адно з першых спецыял¬ізаваных выданняў
такога тыпу, дзе спалучаліся літаратура, навука і публіцыстыка. Ва універсітэце
і рэдакцыі часопіса працавалі найбольш вядомыя вучоныя і літаратары.
Несумненна, што "Віленскі дзённік" чыталі Ю.Славацкі і А. Міцкевіч,
якія ў той час вучыліся ва універсітэце. Часопіс праіснаваў да 1832 г., калі
царскія ўлады закрылі навучальную ўстанову за ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у
паўстанні 1830–1831 гг.
У 1812 г. (з ліпеня
па снежань) у Мінску выходзіла "Czasowa gazeta мinskа" ("Часовая
мінская газета") на польскай мове, два разы на тыдзень, на шасці
старонках. Па зместу гэта было пранапалеонаўскае выданне, якое лічыла сваім
абавязкам запэўніць насельніцтва ў міратворчай місіі французскіх заваёўнікаў.
Амаль у кожным нумары чытачоў пераконвалі ў тым, што барацьба з напалеонаўскімі
войскамі толькі прынясе вялікія ахвяры, рэдакцыя імкнулася ўхваліць
"непераможны" паход французскага імператара. Палітычная платформа
газеты будавалася на тым, што асобная частка мясцовай знаці прапанавала ідэю
аднаўлення ВКЛ. 1 ліпеня 1812 г. пры падтрымцы акупацыйных французскіх улад быў
створаны Часовы ўрад княства для той часткі Беларусі і Літвы, якая была
захоплена напалеонаўскімі войскамі. Была нават спроба арганізаваць мясцовую
армію ў дапамогу захопнікам. Аднак гэтыя памкненні былі перапынены рускай
арміяй і беларускім народам, які стаў на шлях партызанскай барацьбы супраць
французаў. Пасля выгнання напалеонаўскіх войск з тэрыторыі Беларусі газета была
закрыта.
Своеасаблівым
выданнем пачатку ХІХ ст. была газета "Wiadomości Brukowe"
("Вулічныя весці"), якая выдавалася штотыднёва ў Вільні на польскай
мове з 1816 па 1822 г. і стала адным з першых сатырычных выданняў на Беларусі.
У яе стварэнні прынялі ўдзел прафесары універсітэта, што надало ёй высокі
прафесійны ўзровень і змест. Рэдакцыя ў сатырычным плане паказвала сістэму
прыгонніцтва ў краіне, выступала з выкрывальнымі артыкуламі аб маральнай
спустошанасці польскай шляхты. Ідэалогія газеты асноўвалася на агульначалавечых
каштоўнасцях і сцвярджэнні, што ўсе людзі ў грамадстве надзелены роўнымі
правамі. Гэтым самым адмаўлялася рабская падпарадкаванасць, эксплуатацыя
чалавека чалавекам, як найвялікшае парушэнне законаў свецкай этыкі і
хрысціянскай веры. Разам з "Віленскім дзённікам" "Вулічныя
весці" вялі дыскусію з езуіцкім часопісам "Полацкі месячнік" аб
праблемах веры і свецкага жыцця. У Полацкай езуіцкай акадэміі 31 студзеня 1818
г. выйшаў першы нумар часопіса на польскай мове "Miesićznic Połоcki"
("Полацкі месячнік"). Гэта было навуковае, літаратурнае і тэалагічнае
выданне, якое ставіла асветніцтва сваёй галоўнай задачай. Рэдакцыя, звяртаючыся
да чытачоў, лічыла магчымым стварыць такія кнігі, "якія стануць гордасцю
выдаўцоў, упрыгожаннем бібліятэк, каштоўнымі для людзей, скарбонкай інфармацыі
для тых, хто займаецца стварэннем навуковых прац" . Новае выданне
імкнулася даць чытачам шырокую інфармацыю аб літаратуры, гісторыі, філасофіі і
прыродазнаўчых навуках. Рэдакцыя "Полацкага месячніка" пэўнае месца
адводзіла гісторыка-этнаграфічнай тэматыцы. Напрыклад, нарыс "Кароткая
інфармацыя аб горадзе Полацку", надрукаваны ў трох нумарах часопіса, не
згубіў цікавасці да нашага часу. Шмат увагі часопіс надаваў праблемам рэлігіі і
адносінам паміж католікамі і праваслаўнымі. Разам з тым стваральнікі часопіса
выступалі з рэзкай крытыкай прагрэсіўных ідэй Канта, Русо, Вальтэра і інш.
філосафаў і асветнікаў. Гэта, зразумела, выклікала крытыку з боку дэмакратычных
публіцыстаў і грамадскіх дзеячаў. І тым не менш, "Полацкі месячнік" у
гісторыі перыядычнага друку Беларусі займае сваё адметнае месца, як адзін з
першых часопісаў філасофска-публіцыстычнага тыпу. Яго культуралагічнае значэнне
ў тым, што часопіс друкаваўся ў вышэйшай навучальнай установе, што
падкрэслівала даволі высокі літаратурна-публіцыстычны і навуковы ўзровень яго
аўтараў. "Полацкі месячнік" быў закрыты ў 1820 г., калі езуіцкі ордэн
быў выгнаны з Расіі, а акадэмія дэпартавана ў Аўстрыю.
У той час
польскамоўны друк на Беларусі быў даволі пашыраны. У Вільні ў 1841–1851 гг. на
польскай мове друкаваўся літаратурны і грамадска-палітычны часопіс
"Athenaeum" ("Атэнэум"). Гэта вельмі каштоўнае выданне,
рэдакцыя якога (рэд. пісьменнік М.У.Крашэўскі) грунтоўна і шырока распрацоўвала
гістарычную тэматыку Беларусі, змяшчала літаратурныя творы. Часопіс прадставіў
чытачам вострую антыфеадальную, антыпрыгонніцкую публіцыстыку. Адным з аўтараў
"Атэнэума" быў У.Сыракомля, які ў 1846 г. надрукаваў там нарыс
"Станіслаў Ляшчынскі", пра беларускага філосафа, які быў асуджаны
інквізітарамі да спалення на вогнішчы ў Варшаве ў 1689 г. Гісторыя, літаратура,
публіцыстыка Паўночна-Заходняга краю былі прадстаўлены ў часопісе даволі поўна.
Увогуле для
беларускага перыядычнага друку сярэдзіна ХІХ ст. была вельмі неспрыяльнай. Гэты
час беларускай і еўрапейскай гісторыі быў напоўнены пераломнымі падзеямі, якія
ўплывалі на развіццё агульнага палітычнага працэсу: знікненне з гістарычнай
карты ВКЛ, тры падзелы Польшчы, паход Напалеона ў Расію, адмена прыгоннага
права, сялянскія паўстанні і г.д. У 1832 г. быў закрыты Віленскі універсітэт як
цэнтр культуры, асветы і дэмакратыі, а пасля паўстання 1863 г. выданні на
беларускай і іншых мовах, акрамя рускай, фактычна былі забаронены і маглі
друкавацца толькі ў падполлі. І ўсё ж на Беларусі ў канцы XVIII і пачатку ХІХ
ст. распачаты працэс развіцця перыядычнага друку, які паступова назапашваў
літаратурна-публіцыстычны вопыт асэнсавання рэчаіснасці і пашыраў палітычны
ўплыў на грамадства.
Комментариев нет:
Отправить комментарий